філалабайкі беларускія

Description
сфоткай нібыта мовазнаўца

ёсць бот для сувязі: https://t.me/ololo_philolo_bot
Advertising
We recommend to visit

ГЛАВНЫЙ КАНАЛ 👇🏻
https://t.me/zavidushkimoi

Last updated 2 months ago

القناة عبارة عن جولات انستغراميه مع بتس.
#بثوث الاعضاء مترجمة ♡.
#ثريد تجمع كل الاعضاء ♡.
#حلقات ران بتس مترجمة ♡.
#فيديوهات من الكونسرت مترجمة ♡.

Last updated 10 months, 1 week ago

Прафесійныя і адукацыйныя праграмы на ваш густ і сферу дзейнасці. Адбіраем рэзідэнцыі, стажыроўкі, конкурсы праектаў, воркшопы і многае іншае, даступнае для беларускіх творцаў і культменеджараў.
Для анонсаў - @sekktor_admin
Кам'юніці чат - @sekktor_chat

Last updated 2 weeks, 1 day ago

2 months ago
[#alala\_каляндар](?q=%23alala_%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D0%B4%D0%B0%D1%80)

#alala_каляндар
Шэсць год таму, 11 сакавіка 2018 года, у горадзе Мерыда ў Мексіцы адкрылі помнік лінгвісту Юрыю Кнарозаву — чалавеку, які змог дэшыфраваць пісьменнасць мая. Скульптура паказвае вучонага разам з яго кошкай Асяй, якую ён вельмі любіў і нават упісваў у якасці сааўтара сваіх даследаванняў.

Народы мая дагэтуль існуюць і карыстаюцца мовамі мая. Скажам, маяскія мовы кічэ і кекчы маюць больш за мільён носьбітаў кожная. Але старажытная пісьменная традыцыя мая была знішчана падчас іспанскай каланізацыі, і зараз для запісу гэтых моў звычайна выкарыстоўваецца лацінскі алфавіт.

Крыніца малюнка.

2 months ago

#alala_alala
The New York Times, уладальнік правоў на Wordle, пачаў барацьбу з аматарскімі варыянтамі гульні. Дзейнасць выдаўцоў можа закрануць і беларускамоўную версію Ўордлі. Болей пра гэта можна пачытаць, напрыклад, па спасылцы. Не надта вядома, што і як будзе адбывацца, але, гіпатэтычна, Беларускі Ўордлі можа быць выдалены.

Ёсць і добрая навіна: Ўордлі можна цалкам захаваць сабе на камп'ютар, каб мець магчымасць і далей разгадваць словы — і не залежыць ад Сеціва. Для гэтага дастаткова спампаваць інтэрнэт-старонку з гульнёй — цалкам, разам з усімі скрыптамі. Такое можа зрабіць любы браўзер, і ў наступным запісе змяшчаецца падрабязная інструкцыя. Тэарэтычна можна захаваць Ўордлі і на тэлефон, але гэта больш складаная задача, яе рашэнне можа залежыць ад мадэлі вашага смартфона і патрабаваць нейкіх дадатковых праграм. Тым не менш, можаце пашукаць парады, як на вашай прыладзе захаваць вэб-старонку цалкам.

Захаваная старонка — паўнавартасная гульня Ўордлі. Яна працягне прапаноўваць кожны дзень новае слова, і гэта будзе тое ж слова, што і ў іншых гульцоў, хто змагаецца з Ўордлі ў інтэрнэце або таксама захаваў гульню на камп'ютэр.

Адзіная праблема: у гэтым выпадку, на жаль, губляецца статыстыка. Але ж яе можна пачаць набіраць зноўку!

Беларускі ЎОРДЛІ 782 2/6

⬜️🟨🟩🟩⬜️
🟩🟩🟩🟩🟩

#ўордлі

2 months ago

#alala_факт
Хімічныя тэрміны, якія пазначаюць разнастайныя складаныя рэчывы, — даволі дзіўная з'ява. З аднаго боку яны падобныя на словы: у асноўным складаюцца з літар (ну там яшчэ часам з лічбаў і знакаў іншых алфавітаў, але гэта невялікая праблема) і маюць адно вымярэнне — іх можна чытаць злева направа. З іншага боку, гэта строгія хімічныя формулы, якія дакладна перадаюць структуру малекулы, — і напэўна хочацца адрозніваць формулы ад звычайных слоў.

На мяжы тэрмінаў і формул адбываюцца розныя цуды. Так бялок тытын мае афіцыйную назву, якая ў англійскай мове налічвае 189819 літар. Вось тут у англійскім Вікіслоўніку ёсць файная старонка з поўнай назвай, а таксама смешнымі блокамі пра этымалогію і вымаўленне.

Цікавы і рэкамендацыі па правапісу гэтых хімічных слоў-формул.

Існуе шэраг прэфіксаў, якія дазваляюць адрозніваць малекулы з аднолькавым наборам атамаў, але розным іх размяшчэннем у прасторы. Так, малекулы 1,1-дыхлорэтэн, цыс-1,2-дыхлорэтэн і транс-1,2-дыхлорэтэн складаюцца з адных і тых жа шасці атамаў (два вугляроду, два вадароду, два хлору), але пабудаваны па-рознаму. І гэта дакладна асобныя рэчывы: у іх адрозніваюцца тэмпературы кіпення і плаўлення. Хімікі называюць такія рэчывы ізамерамі.

Прэфіксы 1,1-, 1,2-, цыс- і транс- удакладняюць, пра які менавіта ізамер ідзе размова. Згодна з рэкамендацыямі, распрацаванымі для англійскай мовы, але на якія абапіраюцца вучоныя і ў іншых мовах, канфігурацыйныя прэфіксы з літар пішуцца курсівам: «цыс-1,2-дыхлорэтэн», «cis-1,2-dichloroethene».

А калі слова стаіць на пачатку сказу, то з вялікай літары раяць пісаць тую частку назвы, якая не з'яўляецца канфігурацыйным прэфіксам. То-бок рэчыва «cis-1,2,3,5-trans-4,6-cyclohexanehexol» атрымлівае вялікую літару C толькі за шасцёркай:

cis-1,2,3,5-trans-4,6-Cyclohexanehexol is very tasty.

3 months, 2 weeks ago
[#alala\_факт](?q=%23alala_%D1%84%D0%B0%D0%BA%D1%82)

#alala_факт
Нешта за сёння некалькі разоў сустрэўся мем пра каня ў першым польскім слоўніку.

Сапраўды, у 1745-1746 годзе ксяндзом Бенэдыктам Хмялёўскім было падрыхтавана выданне з доўгай назвай «Nowe Ateny albo Akademia wszelkiey scyencyi pełna, na rożne tytuły, iák ná classes podzielona, mądrym dla memoryału, idiotom dla náuki, politykom dla práktyki, melancholikom dla rozrywki erigowana». То-бок «Новыя Афіны, або поўная Акадэмія ўсялякіх навук, на розныя загалоўкі, як на класы, падзеленая, мудрым для памяці, ідыётам для навукі, палітыкам для практыкі, меланхолікам для адпачынку прызначаная».

Гэта не першы польскі слоўнік, некаторыя польска-лацінскія слоўнікі вядомы з XV стагоддзя. Дарэчы, «Новыя Афіны» ўвогуле хутчэй не слоўнік, а польскамоўная энцыклапедыя. У раздзеле пра жывёл сапраўды ёсць артыкул пра каня, які пачынаецца з заўвагі, што «koń jaki jest, każdy widzi» («кожны бачыў, які ёсць конь»). Гэта не ўся інфармацыя: далей яшчэ больш за старонку тэксту пра розных коней.

Пагартаць кніжку можна тут, жарт пра коней знаходзіцца на старонцы 475.

3 months, 3 weeks ago

#alala_alala
Учора ўначы з'явілася была байка пра фанетыку, але хутка знікла, бо некаторыя яе сцвярджэнні былі прынамсі сумнеўнымі. Сёння яна вяртаецца, але ў крыху скарочаным, выпраўленым выглядзе.

Фанема — мінімальная адзінка мовы, якая дазваляе адрозніваць сэнс выказванняў: вось /к/ і /р/; /о/ і /у/; /т/ і /л/ — гэта розныя пары фанем, дзякуючы якім носьбіты беларускай мовы не блытаюць слова «кот» са словамі «рот», «кут» ці «кол». Фанема — гэта тэарэтычны канструкт, абстракцыя, якая можа аб'ядноўваць шэраг дастаткова розных гукаў. Канкрэтныя рэалізацыі фанемы называюцца алафонамі.

Паколькі фанема з'яўляецца тэарэтычнай адзінкай, фанемны склад слова таксама вылічваецца тэарэтычна. І вынік залежыць ад таго, на якія аксіёмы абапіраецца даследчык. Можна прамовіць слова «холад» і адназначна памераць, з якіх гукаў складаецца гэты канкрэтны выпадак вымаўлення гэтага слова; але якія фанемы гэтыя гукі ўяўляюць — пытанне абранага фаналагічнага падыходу.

Напрыклад, ёсць падыход, які абапіраецца на «артыкуляцыйнае падабенства». То-бок, мы слухаем, як насамрэч вымаўляецца гук у слове і абіраем фанему, на якую ён падобны больш за ўсё.

На прыкладзе слова «холад»:
першая фанема дакладна /x/;
другая — /o/;
трэцяя — /ɫ̪/ (гэты складаны значок падкрэслівае асаблівасці вымаўлення звычайнага беларускага гука [л] і адрознівае яго ад іншых варыянтаў [л], напрыклад англійскага, які вымаўляецца крыху інакш);
на чацвёртай пазіцыі ненаціскны гук [а]. Больш за ўсё ён падобны на фанему /a/, што адлюстравана і ў беларускай арфаграфіі;
* нарэшце, на пятай пазіцыі вымаўляецца глухі гук [t], які бліжэй за ўсё да фанемы /t/.
Такім чынам, фанемны склад слова «холад» — /xoɫ̪at/.

Іншы падыход — марфалагічны, які лічыць, што фанемны склад марфем — каранёў, суфіксаў — пры словазмяненні застаецца адным і тым жа і, такім чынам, забяспечвае захоўванне іх сэнсу. Каб высветліць канкрэтную фанему, трэба знайсці такую форму марфемы, у якой адпаведны гук будзе вымаўляцца найбольш выразна: звычайна гэта націскная пазіцыя для галосных і пазіцыя перад галосным для зычных. Такія пазіцыі звычайна завуцца моцнымі і супрацьпастаўляюцца ўсім астатнім, слабым пазіцыям.

Напрыклад, у слове «холад» першыя тры фанемы знаходзяцца ў моцных пазіцыях, таму можна іх вызначыць: /xoɫ̪/. З іншага боку, ёсць слова «халодны» з тым жа самым коранем, і з яго атрымліваецца, што чацвёртая фанема таксама /o/, бо пад націскам гучыць [o]. Нарэшце, ёсць слова «халады», дзе апошняя зычная ў моцнай пазіцыі, і гэта /d/. Такім чынам, фанемны склад халоднага кораня — /xoɫ̪od/.

Пры такім падыходзе ў слове «холад» гук [t] выявіўся алафонам фанемы /d/. Гэта не значыць, што гук [t] заўсёды будзе з'яўляцца алафонам фанемы /d/: у слове «кот» напрыканцы стаіць фанема /t/, бо яна захоўвае глухасць у моцнай пазіцыі: «каты».

4 months ago

#alala_байка
Надоечы адбылася чарговая цырымонія ўручэння «Залатога глобуса». Узнагароду за лепшую жаночую ролю ў драме атрымала Лілі Гладстан, якая сыграла Молі Бёркхарт у фільме «Забойцы кветкавага месяца» («Killers of the Flower Moon»).

Бацька Лілі Гладстан паходзіць з карэнных паўночнаамерыканскіх народаў, і дзяцінства актрысы прайшло ў рэзервацыі індзейцаў блэкфут. Прысвечаную перамозе прамову яна пачала на блэкфуце — мове продкаў. Актрыса прызнае, што не можа бегла размаўляць на блэкфуце, але ўсё роўна лічыць гэтую мову сваёй. Напэўна, некаторым беларусам можа адгукнуцца такая сітуацыя.

Блэкфут — гэта тая мова з інкарпарацыяй, дзе павіншаваць з Раством можна адным словам i’táámomahkátoyiiksistsikomit.

Пасля цырымоніі Лілі Гладстан растлумачыла, што скарысталася сваім звычайным спосабам адрэкамендавацца, асабліва ў важных выпадках: павіталася, назвала сябе і сказала, адкуль яна. Даволі хутка з'явіўся пераклад прамовы: «Вітаю, сябры! Мяне завуць Арліца, я з племені блэкфут. Я вас люблю!» Тым не менш, арыгінальнага тэксту знайсці не атрымалася, таму Філалош, наколькі мог, запісаў яго самастойна:

Oki, nikso'kowaiksi! Nitanikkoo Piitaakii. Nomohto'too Siksikaitsitapi. Kitsiikakomimmohpoaawa.

  • oki — прывітанне.
  • nikso'kowaiksi — мае сваякі / сябры. Корань «ikso’kowa», які атрымаў прыстаўку ni- са значэннем «я, мой, датычны мяне» і суфікс множнага ліку -iksi.
  • nitanikkoo — «мае імя», зноўку з прэфіксам ni-.
  • Piitaaki — уласнае імя, літаральна «Арліца», складаецца з «piitaa» — «арол» і «aakii» — «жанчына».
  • nomohto'too — «я паходжу з». Яшчэ раз n- як паказчык першай асобы; корань «o'too» — «прыбываць»; цікавы прэфікс -omoht-, які адпавядае беларускаму прыназоўніку «з»: ён паказвае, што ў сказе ёсць назоўнік, які абазначае крыніцу.
  • Siksikaitsitapi — племя. «Siksika» літаральна перакладаецца «чорныя ногі».
  • У апошнім слове Філалош не ўпэўнены. Ён бы чакаў форму «kitsiikakomimmohpoaawa» — «я люблю / кахаю вас (усіх)». Лілі Гладстан вымавіла дакладна не гэта, а штосьці тыпу «nitsiikakomimm». Падаецца, што на блэкфуце так звычайна не кажуць. Можа быць, актрыса памылілася — бачна, што гэтае слова далося ёй цяжка. Але, канешне, Філалош таксама мог чагосьці наблытаць!

Тым не менш, на прыкладзе дзеяслова «kitsiikakomimmohpoaawa» можна пабачыць сапраўды цікавую асаблівасць граматыкі алганкінскіх моў, да якіх належыць і блэкфут. Корань дзеяслова тут мае форму «akomi» — «любіць». Прэфікс -iik- — узмацняльны, то-бок -iikakomi- — гэта «вельмі любіць, кахаць». Прэфікс kit- выконвае функцыю паказчыка другой асобы, прычым проста kit- азначае адзіночны лік, а разам з суфіксам -hpoaawa — множны. Суфікс -mm- паказвае, што дзеяслоў мае прамое адушаўлёнае дапаўненне: кахаць кагосьці.

Пакуль што атрымліваецца «ты-вельмі-любіць-(кагосьці)».

Нарэшце, суфікс -o паказвае, што суб'ектам і аб'ектам дзеяслова з'яўляюцца ўдзельнікі размовы, першая і другая асоба, прычым кірунак ідзе ад першай асобы да другой: «kitsiikakomimmo» — «я цябе кахаю». Таксама існуе суфікс -oki, які дазваляе перавярнуць сітуацыю: «kitsiikakomimmoki» — «ты мяне кахаеш». Цікава, што заўсёды, калі дзеяслоў апісвае падзею паміж першай і другой асобай, прыстаўка маркіруе менавіта другую асобу, незалежна ад таго, хто выконвае дзеянне. Таму «nitsiikakomimm» з прэфіксам першай асобы выглядае крыху падазрона.

Падобныя перавароты кірунку дзеяння магчымы і ў іншых выпадках. Напрыклад, «nitsiikakomimm[??]wa nitana» апісвае сітуацыю любові, у якой удзельнічаюць я (прэфікс nit-) і мая дачка («nitana», тут першае n- таксама азначае першую асобу). Калі замест [??] паставіць -aa-, кірунак будзе прамы («nitsiikakomimmawa nitana» — «я люблю сваю дачку»). А калі скарыстацца суфіксам -ok-, атрымаецца наадварот: «nitsiikakomimmoka nitana» — «мая дачка любіць мяне».

YouTube

Lily Gladstone Wins Best Female Actor – Motion Picture – Drama I 81st Annual Golden Globes

Lily Gladstone wins the Best Performance by a Female Actor in a Motion Picture – Drama award for Killers of the Flower Moon at the 81st Annual Golden Globe Awards. #GoldenGlobes #LilyGladstone #KillersOfTheFlowerMoon Still haven't subscribed to Golden Globes…

4 months ago

#alala_факт
#alala_каляндар
8 студзеня 1547 года лічыцца днём нараджэння літоўскага друкарства.

Першай друкаванай кнігай на літоўскай мове з'яўляецца Катэхізіс Марцінаса Мажвідаса. Калі дакладна, то на вокладцы кнігі напісана «Catechismvsa prasty Szadei, Makslas skaitima raschta yr giesmes del kriksczianistes bei del berneliu iaunu nauiey sugulditas Karaliavczvi VIII. dena Meneses Sausia, Metu vßgimima Diewa. M.D.XLVII. Soli Deo gloria», то-бок «Простыя словы Катэхізісу, навука чытання, пісьма і песні для хрысціянства і для маладых людзей, нанова складзеныя разам у Караляўцы на восьмы дзень месяца студзеня 1547. Толькі Богу слава». Канешне, гэты надпіс зусім не гарантуе, што першы экзэмпляр «Простых словаў Катэхізісу» быў выдрукаваны менавіта 8 студзеня, але гэта адзіная вядомая дата, на якую можна абапірацца.

Каралявец зараз завецца Калінінград, а ў сярэдзіне XVI стагоддзя быў сталіцай прускіх зямель. Да 1525 года гэта былі землі Тэўтонскага ордэна, які пасля паразы ў Грунвальдскай бітвы пакрысе прыходзіў да заняпаду. У 1523 годзе Вялікі Магістр Альбрэхт Брандэнбург-Ансбахскі пазнаёміўся з Марцінам Лютэрам і прасякнуўся ідэямі Рэфармацыі. Ён секулярызаваў тэрыторыі ордэна і стварыў падпарадкаваную Польшчы свецкую дзяржаву — герцагства Прусія.

Як прыхільнік Рэфармацыі, Альбрэхт клапаціўся пра асвету і адукаванасць падданых, падтрымліваў развіццё нацыянальных моў. Ён заснаваў бібліятэку ў Караляўцы, адкрыў там гімназію і ўніверсітэт, запрашаў у горад выбітных вучоных. У 1530 годзе, напрыклад, Каралявец наведаў «выбітны і шматвопытны муж» Францыск Скарына. Праўда, прабыў ён там нядоўга і хутка вярнуўся ў Вільна, ды яшчэ забраў з сабой «урача-іўдзея і друкара», на што прускі герцаг вельмі пакрыўдзіўся.

З 1546 да 1548 года Марцінас Мажвідас вывучаў тэалогію ва ўніверсітэце ў Караляўцы — таксама па запрашэнню Альбрэхта. Падчас адукацыі ён склаў Катэхізіс, які быў выданы ў друкарні Ганса Вейнрэйха (дарэчы, і гэты друкар з'явіўся ў Караляўцы дзякуючы Альбрэхту).

Кніга налічвае 79 старонак. У лацінскамоўным прысвячэнні аўтар выказваў сваю павагу Вялікаму княству Літоўскаму — ён спадзяваўся, што яго праца будзе чытацца і там, а не толькі ў Прусіі. Прадмовы зроблены на дзвюх мовах: празаічная на лацінскай і вершаваная на літоўскай. Апошняя часткова з'яўляецца акравершам: першыя літары радкоў з трэцяга па дзевятнаццаты складаюць лацінскую форму імя аўтара MARTJNVS MASVJDJVS. Чатыры старонкі кнігі займаюць правілы чытання: літоўскі алфавіт, які налічваў 23 вялікія і 25 маленькіх літар, і практыкаванні ў пабудове складоў. У рэлігійнай частцы кнігі Мажвідас надрукаваў некаторыя найбольш важныя тэксты, напрыклад, дзесяць запаведзяў. Нарэшце, 10 старонак змяшчалі хрысціянскія гімны: тэкст і ноты.

Пагартаць Катэхізіс у лічбавым фармаце можна тут: https://kolekcijos.biblioteka.vu.lt/en/objects/VUB01_000408215

4 months ago

#alala_слова
Фанетыка і фаналогія, — гэта галіны лінгвістыкі, што вывучаюць гукі моў, іх утварэнне і ўспрыманне. Яны маюць вялікі і даволі складаны тэрміналагічны апарат, каб апісваць разнастайныя зычныя і галосныя.

Перш за ўсё трэба адзначыць, што ўсе людзі гавораць па-рознаму і нават канкрэтны чалавек у розных выпадках гаворыць па-рознаму. Калі мець на ўвазе гук як фізічную з'яву, якую можна пабачыць на спектраграме і ахарактарызаваць чысламі, атрымаецца, што ў кожнай мове гукаў амаль бясконца: можна казаць вышэй ці ніжэй, гучней ці цішэй, цягнуць доўга альбо вымавіць кораценька. Але відавочна, што носьбіты беларускай мовы і крык «до-о-ом», і шэпт «дом» успрымаюць як адное і тое ж слова.

Таму, калі абмяркоўваюць фанетычны склад мовы, звычайна працуюць не з фізічнымі гукамі, а з фанемамі. Фанема — гэта такое абстрактнае абагульненне разнастайных гукаў, якія ўспрымаюцца носьбітамі як адна і тая ж адзінка мовы. Фанема — тэарэтычны канструкт, аб'ектыўна яна не існуе. Для таго, каб высветліць набор фанем, характэрных для дадзенай мовы, вучоныя абапіраюцца на нейкую выпрацаваную тэорыю. Дарэчы, розныя вучоныя карыстаюцца рознымі прынцыпамі, таму для адной мовы можа атрымлівацца розны фанемны інвентар. Напрыклад, нявырашаным застаецца спрэчка аб тым, ці лічыць /ы/ асобнай фанемай у рускай мове, таму колькасць галосных у ёй ці то пяць, ці то шэсць.

Адным з інструментаў, які дазваляе адрозніваць адну фанему ад другой, з'яўляецца мінімальная пара. Пад мінімальнай парай маецца на ўвазе пара слоў, якія адрозніваюцца адным толькі гукам. Напрыклад: «дом» і «том». У іх не супадае толькі першы гук: ён ці звонкі, ці глухі. Носьбіты ўспрымаюць гэтыя словы як розныя, у тым ліку адрозніваюць іх на слых, таму можна казаць, што /d/ і /t/ — гэта розныя беларускія фанемы. Ці вось «дом» і «дам» — назоўнік адрозніваецца ад дзеяслова толькі другім, галосным гукам, што дазваляе казаць пра суіснаванне ў беларускай мове асобных фанем /o/ і /a/.

Апроч «фанемы» вызначаюць таксама «алафоны». Алафон — гэта тое, як фанема насамрэч рэалізуецца ў дадзенай пазіцыі па суседству з дадзенымі гукамі.

Зноўку вернемся да слоў «дам» і «дом». Паспрабуйце вымавіць іх, і звярніце ўвагу на тое, як рухаюцца вашыя губы ў пачатку слова. У выпадку слова «дом» яны яшчэ да вымаўлення першага зычнага [d] выцягнуцца ўперад і акругляцца. Пры вымаўленні «дам» такога не адбываецца. Такім чынам, [d] у словах «дам» і «дом» крышачку розныя. Але носьбіты не адчуваюць гэтай розніцы, яна не выконвае функцыю адрознівання сэнсу. Гэта проста асаблівасць беларускага маўлення: перад [o] і [u] зычныя атрымліваюць дадатковую губную артыкуляцыю. Таму асобную фанему «/dʷ/ агубленае» не вызначаюць, замест гэтага разглядаюць [d] і [dʷ] як алафоны фанемы /d/.

Змена ў слове адной фанемы на іншую можа прывесці да ўтварэння новага слова, парушэння сэнсу. Змена аднаго алафона на іншы звычайна не ўплывае на сэнс, а толькі надае слову дзівосны акцэнт.

Алафоны фанемы вызначаюцца ў межах канкрэтнай мовы. У беларускай мове вось гэтае дадатковае агубленне — яго яшчэ называюць лабіялізацыяй, ад лацінскага «labium» («губа») — не ўплывае на ўспрыманне фанемы, таму [d] і [dʷ], [k] і [kʷ], [m] і [mʷ] лічуцца парамі алафонаў. Але ёсць мовы з, як кажуць, кантраснай лабіялізацыяй — агубленыя і неагубленыя гукі ўспрымаюцца як розныя і нават могуць змяняць словы. Напрыклад, у мове паўночнаамерыканскіх індзейцаў нутка слова «kiɬ» азначае «падняць з вады каноэ», а «kʷiɬ» — «распырскваць спрэй». Таму ў мове нутка /k/ і /kʷ/ — асобныя фанемы, а не алафоны, як у беларускай.

4 months, 1 week ago

#alala_факт
Па-фінску сёняшні дзень завецца прыгожым словам «Uudenvuodenpäivä», што перакладаецца як «дзень новага года».

4 months, 1 week ago

#alala_alala
З Новым годам! Няхай 2024 год будзе лепш за мінулы, няхай прынясе мір і святло. Беражыце сябе, будзьце здаровымі і шчаслівымі!

У 2023 годзе «філалабайкі беларускія» зрабіліся асноўным праектам Філалоша. Цяпер гэта самастойны беларускамоўны канал, які распавядае пра ўсялякае цікавае, звязанае з мовазнаўствам і знакавымі сістэмамі. Сярод тэкстаў сустракаюцца і старыя матэрыялы, што былі дапрацаваны і перакладзены на беларускую, і зусім новыя байкі. Вось сёе-тое з арыгінальных публікацый за 2023 год:
як выпраўлялі памылкі ў вершах Якуба Коласа;
легенда пра папугая, якія нібыта быў апошнім носьбітам знішчанай мовы;
турэмная азбука стукання;
асаблівасці перакладу «Jabberwocky» Льюіса Кэрала на кітайскую мову;
* як фанетычная з'ява ў італьянскай мове паўплывала на назвы кавы ў беларускай.

Дзякуй усім, хто чытае — і тым, хто застаў яшчэ паблік «филолобайки дилетанта», і тым, хто далучыўся нядаўна. Дзякуй усім, хто ставіць рэакцыі пад баечкамі і дасылае свае заўвагі праз бота зваротнай сувязі. Дарэчы, вось ён: https://t.me/ololo_philolo_bot — Філалош будзе вельмі ўдзячны, калі ў вас атрымаецца кораценька распавесці, што падабаецца ў канале ці што не падабаецца, што было асабліва цікавым і чаго не хапае.

Да новых лінгвістычных сустрэч! Ура!

We recommend to visit

ГЛАВНЫЙ КАНАЛ 👇🏻
https://t.me/zavidushkimoi

Last updated 2 months ago

القناة عبارة عن جولات انستغراميه مع بتس.
#بثوث الاعضاء مترجمة ♡.
#ثريد تجمع كل الاعضاء ♡.
#حلقات ران بتس مترجمة ♡.
#فيديوهات من الكونسرت مترجمة ♡.

Last updated 10 months, 1 week ago

Прафесійныя і адукацыйныя праграмы на ваш густ і сферу дзейнасці. Адбіраем рэзідэнцыі, стажыроўкі, конкурсы праектаў, воркшопы і многае іншае, даступнае для беларускіх творцаў і культменеджараў.
Для анонсаў - @sekktor_admin
Кам'юніці чат - @sekktor_chat

Last updated 2 weeks, 1 day ago