Sceptic.club

Description
Думаць. Сваёй. Галавой.
Клуб інтэлектуальнага погляду на свет.

Першае правіла клубу: калі нешта выглядае надта добра, каб быць праўдай, хутчэй за ўсё, гэта мана.

https://sceptic.club/be/
https://www.facebook.com/Sceptic.club
We recommend to visit

Реклама:
@ovsyanka_sup

Last updated 2 months, 1 week ago

Первый онлайн-переводчик междустрочного текста из ведущих и ведомых СМИ. ѣѣ

Похвалить, поругаться, предложить новость, разместить рекламу
???
@Otsuka_mail

Last updated 2 weeks, 6 days ago

⭐ АВАТАРКИ НА ВАШ ВКУС

▫️По вопросам: @Solnzelikii
▫️По рекламе: @Solnzelikii

❗Реклама нужна исключительно для продвижения канала❗

Пригласить друга — https://t.me/+uoFWvRi_7EJlYTdi

Last updated 2 months, 2 weeks ago

1 month, 1 week ago

#practice | Як выявіць фота, згенераванае штучным інтэлектам

Добры артыкул пра тое, як фэйкавы кантэнт размывае праўду пра вайну, і добрыя рэкамендацыі, як гэты кантэнт выяўляць. Абавязкова варта азнаёміцца.

Толькі ведаеце, што... усё гэта марна. Я пра падобныя рэкамендацыі. Бо рэкамендаваныя метады эфектыўныя толькі калі становяцца рэфлексамі, як блок у баксёра.

Калі б падобнае выкладаць у школе, дзе можна замацаваць новыя навыкі сотнямі паўтарэнняў, эфект быў бы каласальны. Ва ўсіх іншых выпадках эфектыўнасць набліжаецца да нуля.

Калі вы ня маеце справу з сістэматычным выяўленнем ШІ-ілюстрацый, хутчэй за ўсё, вы гэтыя рэкамендацыі папросту забудзеце. Ужо праз гадзіну. Дый тэхналогіі становяцца ўсё больш дасканалымі.

І што рабіць? Памятаць галоўны прынцып медыягігіены:

КАЛІ НЕШТА ВЫГЛЯДАЕ НАДТА ДОБРА, КАБ БЫЦЬ ПРАЎДАЙ, ХУТЧЭЙ ЗА ЎСЁ, ГЭТА МАНА.

Я часта згадваю гэты прынцып, бо данесці яго да людзей — мой план мінімум. Думка элементарная, але шмат каму невядомая.

Калі гэта будзе адзіным, што вынясе чалавек з sceptic.club, я буду лічыць сваю місію выкананай. Хаця, безумоўна, гэта далека не ўсё, што павінен разумець сучасны чалавек.

• • •
Дарэчы, некаторыя лічаць катастрофай магчымасць ствараць фэйкі з дапамогай ШІ. Але хіба ў гэтым ёсць нешта новае?
Памятаеце, калі з'явіўся Photoshop, таксама было шмат шуму: а як цяпер нам адрозніць падробку ад рэальнасці??! Так і сталі называць усё, што выклікае сумнівы — «гэта ж фоташоп!». І што? Ды нічога, проста зразумелі, што не ўсякай карцінцы можна верыць. Асабліва, калі яна надта добрая, каб быць праўдай.

2 months ago

#analytics | Вайна стала часткай расійскага жыцця

На «Голос Америки» выйшаў добры тэкст, дзе расійскі сацыёлаг Аляксей Лівенсон з «Левада-цэнтру» спрабуе адказаць на пытанне, як за 1000 дзён змянілася стаўленне расіян да вайны.

Зменаў значна менш, чым чакалі многія назіральнікі за гэтымі працэсамі. Так званая «стомленасць ад вайны», якую шмат хто прадказваў, ці, наадварот, вялікі ўздым у сувязі з ваеннымі падзеямі – ні тое, ні другое не адбылося. Мы зафіксавалі толькі рэзкі ўздым ухвалы дзейнасці Пуціна на пасадзе прэзідэнта да ўзроўню больш як 80% у лютым 2022. З таго часу гэты паказнік практычна не апускаўся ніжэй за 80%. А да гэтага кастрычніка ён падняўся да 87%.

Сітуацыя, якая існуе зараз, ня лічыцца «трыумфальнай» нават прапагандыстамі. Адпаведна, з'яўленне такога высокага паказніка павінна тлумачыцца нейкімі іншымі нутранымі прычынамі. То мы сталі задаваць пытанне ў вострай форме: калі б Пуцін абвесціў, што спыняе ваенныя дзеянні, ці падтрымалі бы вы яго? І тут мы атрымалі, на нашае здзіўленне, 70% падтрымкі спынення ваенных дзеянняў.

Але задавалася не адно пытанне, а два. Другое такое: калі б Пуцін абвесціў на наступным тыдні пра спыненне ваенных дзеянняў і вяртанне Украіне тэрыторый, ці падтрымалі б вы? Тут колькасць падтрымліваючых скарачаецца больш чым удвая – толькі 30% падтрымліваюць такі варыянт.

Чаму? Глыбінныя інтэрв'ю паказваюць: бо такі сцэнар разглядаецца як параза. Гэтае слова – «параза» – многімі расіянамі ўспрымаецца як катастрофа: «Расія перастане існаваць», «яна разваліцца», «улада Пуціна скончыцца»…

Што яшчэ ўплывае на расіян?

Аперацыя ў Курскай вобласці? Калі дапусціць, што ўкраінскі бок кіраваўся ідэяй даць расіянам адчуць цяжар вайны, то гэта не спрацавала, закрануўшы выключна тых, да каго яна сапраўды прыйшла. Для астатніх аперацыя засталася лакальнай і ня стала шокам.

Прапаганда? Так, яна ўплывае хаця б таму, што каля 60% расіян даведваюцца пра «СВО» з ТБ. Важна, што гэта іхні ўласны выбар. Справа ў тым, што, калі ты даведваешся чужы пункт гледжання і пачынаеш разумець, што за ім стаіць ёсць рацыя, то трапляеш у надзвычай некамфортную сітуацыю разыходжання на каштоўнасным узроўні са сваім асяроддзем.

Страх? Гэты чыннік моцна перабольшаны. Ёсць меркаванне, што калі пры апытанні адкажаш, што супраць вайны, трапіш пад рэпрэсіі, людзі гэта ведаюць і баяцца. Гэтая логіка, як выяўляецца, абсалютна хібная. Насамрэч, мы маем каля 15%, хто адказвае «не падтрымліваю», і каля 20%, хто кажа, што краіна ідзе заганным шляхам. Гэта ня нейкія смельчакі, а звычайныя грамадзяне, якія ў іншых меркаваннях супадаюць з большасцю. І нам не вядомы ніводзін выпадак, калі хто-небудзь пацярпеў за няправільны адказ у нашых апытаннях.

Лаялізм? Сапраўды мае месца сімвалічная кансалідацыя грамадства вакол Пуціна. Гэта найважнейшая асаблівасць расійскага жыцця на працягу чвэрці стагоддзя. Яна фіксуецца паказчыкамі рэйтынгаў, якія практычна ніколі не апускаліся ніжэй за 60%.

Дабрабыт? Ёсць частка насельніцтва, якая мае ад вайны фінансавыя выгады. То праўду кажуць: «Каму вайна, а каму маці родная». Але на саму вайну ў той ці іншай ступені ідуць маргіналізаваны кантынгент. Гэта не абавязкова крымінальнікі, але і тыя, хто крануўся сацыяльнага дна з іншых прычын. Такі мужчына думае пра сябе: «Ну як, ты мужык, сям'ю ня можаш пракарміць? А зараз я зраблю так, што змагу». Для такіх раптам з'явілася магчымасць годна выканаць сваю мужчынскую ролю.

Але самае важнае – гэта тое, што вайна стала нормай. У гэтым і справа. Вайна перастала хваляваць. У жыцці ёсць смерць: бабулі і дзядулі паміраюць, хваробы, аварыі... Але цяпер і вайна стала натуральнай часткай надзённага жыцця.

Тое, што павінна адчувацца як катастрофа, так не адчуваецца. У той час як тое, што адбылося з грамадскай мараллю, з уяўленнямі пра дабро і зло, выглядае сапраўднай катастрафічна.

• • •
Ня даць сабе прызвычаіцца да дрэннага – опцыя даступная абсалютнай большасці. Але большасць жа і не здае сабе справы, што гэта трэба рабіць свядома. Гэта персанальная адказнасць за ўласную мараль.

2 months, 1 week ago

#thinking | Як жа намі проста маніпуляваць... Аналаз каментароў у TikTok.

Найбольш ад тэхгалогіі дыпфэйк пакуль што выйграюць толькі ашуканцы, прапагандысты і гумарысты. Калі з першымі дзвюма катэгорыямі ўсё нібыта ясна, то апошняя нагадвае: нават нізкаякасны відавочны дыпфэйк усё яшчэ знаходзіць тых, хто ўспрымае яго сур'ёзна.

Іранічны TikTok канал @fatamiimbjn (“Пет’юра”) з пачатку 2023 году рэгулярна публікаваў жартаўлівыя дыпфэйк-відэа з украінскімі палітыкамі ў галоўных ролях. Прымітыўна зробленыя, часта з відавочнымі прыкметамі штучнай маскі, «надзетай» на відэа рэальных вайскоўцаў, за больш як паўтара гады забяспечылі аўтару больш за 150 000 падпісантаў і 4,2 млн падабаек. На дадзены момант канал выдалены, але ён застаецца добрым прыкладам, які эфект могуць аказваць дыпфэйкі.

Асаблівасці алгарытмаў TikTok выводзяць кантэнт каналу па-за межы кола падпісантаў. Асобныя відэа вірусяцца і збіраюць мільёны праглядаў ды каментаў, у тым ліку ад людзей, якія не знаёмыя з іншым кантэнтам на канале і таму рызыкуюць успрыняць жартаўлівыя фэйкі сур'ёзна. І ўспрымаюць.

Каб зразумець маштабы праблемы і тое, ці сапраўды намі так проста маніпуляваць, выданне TEXTY.org.ua загрузіла больш за 10 000 каментароў да чатырох папулярных відэа з TikTok-каналу. З несапраўднымі Алегам Ляшком і Юрыем Луцэнкам у галоўных ролях «недзе на перадку». Так рэдакцыя выдання паспрабавала зразумець, якая частка каментатараў прыняла гэтыя відэа за чыстую манету.

Вынікі такія:
• Мінімум 20% каментароў жадалі фэйкавым Ляшку і Луцэнку анёла-ахоўніка, выказвалі сваю павагу ды дзякавалі ад шчырага сэрца за смеласць.
• Яшчэ 4% былі больш стрыманымі ў сваім захапленні ды пісалі «Малайчына!», «Красава!», «Паважаю!».
• У 41% выпадкаў нельга было дакладна сказаць, ці распазнаў каментатар фэйк.
• 23% каментатараў усё зразумелі і проста назіралі або кпілі з іншых за няўважлівасць, тупасць або наіўнасць. І дзякавалі аўтару за добры настрой.
• А вось 12% каментатараў праявілі надзвычайную крытычнасць да відэа, не заўважыўшы пры гэтым, што перад імі фэйк. Яны дапускалі, што акоп несапраўдны, абвінавачвалі ў пастаноўцы ды акторскай ігры, або ўвогуле браліся за фактчэк: адзначалі, што ў Бахмуце няма пяску, здзіўляліся, чаму на відэа няма іншых вайскоўцаў, звярталі ўвагу на няправільны колер скотчу або занатда добры манікюр і чыстыя рукі.

Людзі рэальна не разумеюць ці проста троляць у каментах?

Адрозніць адно ад другога часта сапраўды вельмі складана. Але на шчырасць каментатараў указвае як мінімум іхняя колькасць. Толькі для чатырох відэа колькасць троляў павінна быць большай за 2 000. Таму прасцейшае тлумачэнне выглядае больш праўдзівым: людзі проста вераць таму, што бачаць у выпадковых рэкамендацыях стужкі сацсеткі. І іхняя прага выразіць эмоцыі, пакінуўшы камент, часта пераважае жаданне зазірнуць у профіль каналу і з першага погляду зразумець, што верыць яму ня варта.

Жарты жартамі, але масавае пашырэнне дыпфэйкаў мае цалкам рэальныя наступствы. Ужо сёння дыпфэйкі Ілана Маска дапамагаюць ашуканцам атрымаць мільярдныя прыбыткі. А Deloitte далучаецца да агульнага занепакоення, мадэлюючы магчымыя сцэнары таго, наколькі істотна штучны інтэлект прывядзе да росту ашуканства ў банкаўскай сферы, гаворка пра мільярды даляраў.

Яшчэ адна сур'ёзная праблема ў тым, што нават жартаўлівыя дыпфэйкі могуць спрыяць так званаму deepfake-related skepticism. Галоўная ідэя ў тым, што масавае пашырэнне гэтай тэхналогіі грае на руку дэзінфарматарам і канспіролагам, падрываючы веру ў існаванне надзейных фактаў як такіх і размываючы рэальнасць.

Такім чынам, каб дыскрэдытаваць нязручную інфармацыю, дастаткова проста абвінаваціць яе ў фэйкавасці, чым шмат хто і карыстаецца.

Ёсць і добрыя навіны, напрыклад некаторыя даследаванні наадварот сведчаць, што фэйкі і дэзінфармацыя спрыяюць павышэнню даверу да надзейных крыніц. Праўда, якім чынам людзі вызначаюць гэтую надзейнасць — бабка надвое казала.

Падрабязней на TEXT.org.ua

3 months, 2 weeks ago
[#analitics](?q=%23analitics) | **Шпіёны Пуціна замышляюць глабальны …

#analitics | Шпіёны Пуціна замышляюць глабальны хаос

Нядаўна ў брытанскім The Economist выйшаў цікавы артыкул — «Шпіёны Пуціна замышляюць глабальны хаос». Ня тое, каб мы маглі даведацца з яго нешта новае, але гэта яўнае сведчанне, што палітыкі краін Захаду пакрысе прыходзяць да разумення, чым ёсць сённяшняя Расія насамрэч.

Яны вельмі доўга пазбягалі тэмы крамлёўскіх злачынстваў і іх можна зразумець — сваіх праблем хапае. Але глабальны размах крамлёўскіх пакасцяў проста не пакідае магчымасці з'ехаць на тармазах. Пачалося называнне рэчаў сваімі імёнамі, без дыпламатычнага пустаслоўя: «Шчыра кажучы, расійскія спецслужбы крыху здзічэлі», — выказаўся Кіраўнік брытанскай MI6 Рычард Мур.

Глабальную шкодніцкую зацею Крамля можна было бы палічыць хоць і злачынным, але па-свойму таленавітым праектам. Як схемы тэлефонных махляроў, якія ўмеюць вельмі тонка працаваць з чалавечай псіхалогіяй. Крэмль дзейнічае мэтанакіравана, комплексна, сістэмна... калі б яны таж жа сама зацята ўзяліся за ліквідацыю ачковых сарціраў у сваёй краіне, справа ўжо была бы напалову зробленая. Але не, невытлумачальная цяга да шкоды і подласці вядзе рэй.

Мне дзеянні Крамля нагадваюць калектыўную Шапакляк, якая лічыла, што добрымі справамі праславіцца нельга. Дзіўныя яны.

Пераклад артыкулу «Шпіёны Пуціна замышляюць глабальны хаос»

3 months, 3 weeks ago

#thinking | Афект як інфармацыя

Вам знаёмая эмоцыя, калі вы адчуваеце «так! як гэта ведаю»? Лёгкасць, камфорт, вызначанасць — вельмі прыемны стан, хай сабе і цягнецца ўсяго імгненне.

Аднойчы, у чарговы раз адчуўшы гэты інтэлектуальны аргазмік, я вырашыў спраўдзіць, ці сапраўды ведаю. Ну каб жалезабетонна пераканацца ў сваёй праваце. Але фактчэк паказаў, што я памыляўся і эмоцыя была на пустым месцы. Але ж такая натуральная...

Доўгі час я думаў, што адкрыў нешта новае ў псіхалогіі ? пакуль не даведаўся, што гэтая з'ява ўжо добра вывучаная (раз, два). Устойлівай назвы ў яе няма, але мне падабаецца «афект як інфармацыя» — схільнасць блытаць эмоцыю «мне гэта знаёма!» з валоданнем фактычнай пацверджанай інфармацыяй.

Як гэта бывае ў жыцці. Дапусцім, глядзіць нехта тэлек, а там кажуць «цар зноў усіх перайграў». І гэты нехта адчувае «так! як і заўсёды!» Тым самым ён як бы сцвярджае «і гэта праўда, бо я ж магу параўнаць — я ведаю пра ўсе папрэднія разы!». Але што ён ведае насамрэч?

Калі яго распытаць, ён можа прыгадае шчэ пару такіх навінасных сюжэтаў, але хутчэй не прыгадае нічога канкрэтнага. У яго ёсць толькі эмоцыя «так, я гэта ведаю!», якая без рэфлексіі падмяняе сапраўднае разуменне.

Па сутнасці, гаворка пра ўмоўны рэфлекс: стымул — рэакцыя. Адкуль бяруцца такія рэфлексы ў сферы палітыкі, здагадацца нескладана. Шматразовымі паўторамі прапаганда робіць свае тэзы спачатку знаёмымі, пасля прымальнымі, а затым проста аксіяматычнымі — не патрабуючымі доказаў. І ўсё. «Захад жа заўсёды нас ненавідзеў, хіба не?»

Насамрэч, «афект як інфармацыя» не такая простая з'ява і ў залежнасці ад сітуацыі можа быць абумоўлены некалькі рознымі прычынамі:

1. Афектыўная эўрыстыка — гэта механізм, пры якім эмоцыі служаць падказкамі для прыняцця рашэнняў. Гэта значыць, адчуваючы станоўчыя ці адмоўныя эмоцыі, людзі могуць рабіць высновы менавіта на іхняй падставе, а не на аргументаваных доказах. Часам іншага не застаецца, але калі ёсць магчымасць, лепей падумаць. Двойчы.

2. Ілюзія ўпэўненасці — гэта адчуванне праваты, якое ўзнікае без дастатковых доказаў. Механіка простая: калі ў нас няма падстаў для ўпэўненасці, мы можам перажываць тыя самыя эмоцыі, што былі бы пры іхняй наяўнасці. Адрозніць першае ад другога надзвычай складана.

3. Кагнітыўная лёгкасць — калі нешта здаецца лёгкім для разумення, мы схільныя ўспрымаць гэта як дакладнае або праўдзівае. Тое самае здараецца, калі мы блытаем сваю ўпэўненасць з наяўнасцю рэальных доказаў.

Як адрозніць афект ад рэальнай інфармацыі?
Пра гэта можна напісаць шмат, але ёсць адзін вельмі эфектыўны рэцэпт:

КАЛІ ІНФАРМАЦЫЯ ВАМ ДАСПАДОБЫ, ДА ЯЕ ТРЭБА СТАВІЦЦА ЎДВАЯ СКЕПТЫЧНЕЙ

3 months, 3 weeks ago

#propaganda | Doppelganger: маштабны зліў дакументаў фабрыкі хлусні

У Foreign Affairs выйшаў цікавы артыкул пра тое, чаму правільная, здавалася б, рэакцыя на расійскія дэзынфармацыйныя атакі — выкрыць і забаніць — гэта менавіта тое, што фэйкаробам і трэба. А яшчэ пра тое, як яны ўводзяць у зман крэмль.

На пачатку верасня расійскі дэзынфармацыйны праект Doppelganger зноў трапіў на першыя палосы. Упершыню гэты праект быў выкрыты ў 2022 амаль на самым старце свайго існавання. Dopprlganger распаўсюджвае фэйкавыя артыкулы, відэа і апытанні ў ЗША, Францыі, Нямеччыне і Ўкраіне па праблемах, якія палярызуюць грамадствы гэтых краін. Гэты праект у тым ліку кланаваў цэлыя сайты навінасных выданняў, змяшчаючы на іх уласныя фэйкавыя гісторыі, мемы і карыкатуры, і прасоўваючы іх праз сацсеткі.

З пераменным поспехам з фэйкавым кантэнтам змагаліся сацсеткі, фактчэкеры і спецслужбы. Перыядычна Doppelgagner трапляў у медыя, здабываючы славу магутнай крамлёўскай фабрыкі ілжы.

Як выявілася, за Doppelgagner стаіць прыватная маскоўская фірма Social Design Agency (дызайнеры, блін...). І ў рэшце рэшт ФБР атрымала доступ да 190 старонак нутраной дакументацыі гэтай канторы. Доступ да гэтых дакументаў таксама атрымала нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.

Калі раней акалічнасці працы Doppelganger былі загадкай, то цяпер 3000 асобных файлаў пралілі святло на шмат якія дэталі: мэты, метады, планы праектаў, KPI, справаздачы, пратаколы нарадаў, ідэі для новых фэйкаў і бюракратычныя працэдуры — усё стала здабыткам грамадскасці. Так, адна з найбуйнейшых дэзынфармацыйных кампаній у свеце пасля заканчэння Халоднай вайны была цалкам раскрытая.

І што ж мы даведаліся? Каротка наступнае:

  1. Хаця Расія выкарыстоўвае новыя тахналагічныя метады распаўсюду дэзы, шмат якія метады засталіся нязменнымі з часоў Халоднай вайны.

  2. Разам з заходняй аўдыторыяй падманутым аказаўся і сам крэмль — у плане эфектыўнасці дзейнасці кампаніі.

  3. Найбольшую падтрымку агітатары Doppelganger атрымалі ад дэмакратычных СМІ — менавіта яны раскруцілі гэты праект, зрабілі яму PR і нават сама назва «Doppelganger» гэта таксама прыдумка заходніх журналістаў.

І гэты трэці пункт ясна паказвае, што ў падыходах СМІ да барацьбы з дэзай трэба нешта тэрмінова мяняць, бо цяперашнія захады хутчэй ствараюць для яе спрыяльныя ўмовы, чым шкодзяць.

Усе дэталі ў скарочаным перакладзе

3 months, 4 weeks ago

#cognitivebias | Схільнасць да пацверджання

Cognitive Biases — кагнітыўныя скажэнні. Я абыходзіў гэтую тэму, бо мне здавалася, што ўсе даўно ў курсе пра ўсякія «памылкі атрыбуцыі», «эўрыстыкі даступнасці», «схільнасці да пацверджання» ды іншыя фокусы мозгу. Памятаеце ж такое? Але, назіраючы за сабой, усё больш пераконваюся: проста нешта ведаць — не тое самае, што разумець. Надоечы я пісаў пра ілюзію ведаў, вось гэта яна і ёсць.

Падобную інфармацыю трэба рэгулярна асвяжаць у памяці іначай яна знікае як кубікі на прэсе. Нават двойчы перачытаўшы «Думай хутка і павольна» Канемана, будзе вялікай памылкай лічыць, што авалодаў кагнітыўным кунг-фу.

Выяўленне кагнітыўных скажэнняў — гэта скіл, які трэба напрацоўваць штодня. Дарэчы, калі вы не чыталі «Думай хутка і павольна», то я вам нават зайздрошчу. Абавязкова прачытайце, гэта праграмны твор для развіцця мыслення (спрынт кнігі).

Нядаўна я пісаў пра «схільнасць да пацверджання». Для лепшай ілюстрацыі я зрабіў апытанне, дзе толькі адзін варыянт пытання быў максімальна аб'ектыўны: «Ці ўплываюць сацыяльныя сеткі на псіхалагічнае здароўе?» Гэты варыянт найбольш нейтральны і не скіроўвае на пошук выключна пацверджанняў або абвяржэнняў. У ідэале спачатку трэба даведацца ці ёсць карэляцыя ўвогуле, а пасля ўжо ўдакладняць, якая менавіта.

Астатнія варыянты былі рознай ступені хібнасці:
1. «Чаму сацыяльныя сеткі шкодзяць псіхалагічнаму здароўю?» — гэты запыт грунтуецца на гатовым перакананні, што сацыяльныя сеткі шкодныя, і google будзе шукаць гэтаму пацверджанні.
2. «Як сацыяльныя сеткі ўплываюць на псіхалагічнае здароўе людзей?» — хоць і не так відавочна, але таксама не аптымальнае пытанне, бо наяўнасць уплыву тут прымаецца за аксіёму, не пакідаючы месца для адваротнага варыянту.
3. «Перавагі сацыяльных сетак для псіхалагічнага здароўя» — гэта яўная спроба знайсці толькі станоўчыя вынікі, ігнаруючы негатыўныя аспекты. Яўная праява схільнасці да пацверджання.
5. «Ці ёсць прыклады, калі сацыяльныя сеткі паляпшаюць псіхалагічнае здароўе?» — таксама яўная схільнасць да пацверджання, бо шукае толькі пазітыўныя прыклады.

Такім чынам, схільнасць да пацверджання — гэтая каварная штука, якая скажае мысленне такім чынам, каб мы заўважалі толькі тое, што пацвярджае нашыя наяўныя веды, нават калі гэтыя веды поўная лухта. Пад уплывам гэтага кагнітыўнага скажэння мы здольныя папросту ігнараваць факты, якія супярэчаць нашым перакананням, нават калі нам ткнулі імі ў твар.

Самае непрыемнае, што адбываецца гэта на аўтамаце, не свядома («Сістэма 1» паводле Канэмана). Людзі, якія вераць у інтуіцыю, шостае пачуцце і энергетычную сувязь з мудрасцю космасу, асабліва часта трапляюць у гэтую кагнітыўную пастку. Бо калі проста лічыць праўдзівай усякую інфу, якая табе даспадобы, гэта найкарацейшы шлях да замацавання памылковых перакананняў.

Схільнасць да пацверджання мае адмысловае значэнне пры стварэнні канспіралагічных тэорый, будучы асноўным падыходам да працы з інфармацыяй: аўтар тэорыі шукае факты, якія пацвярджаюць ягоныя тэзісы, і ігнаре доказы адваротнага. Па сутнасці, канспіролаг, паводле метаду дэдукцыі, спачатку прыдумляе гісторыю, а пасля падбірае факты, якія выгодна на яе нанізваюцца. А любыя абвяржэнні можна назваць асабістым меркаваннем апанента або проста хлуснёй.

Для таго каб супрацьстаяць схільнасці да пацверджання трэба прывучыць сябе шукаць не пацверджанні, а абвяржэнні. Як бы непрыемна гэты ні было. Адно якаснае абвяржэнне ператварае ў гарбуз сотню, на першы погляд, неаспрэчных доказаў.

Ну і, натуральна рэфлексія:
• «як яшчэ можна гэта патлумачыць?»
• «што кажуць адмыслоўцы?»
• «што калі я памыляюся?»
• «ці не занадта добра яно гучыць, каб быць праўдай?»
То бок трэба не забывацца запускаць «Сістэму 2» (паводле Канэмана). Гэта, канечне, справа нетрывіяльная, але вам спадабаецца.

3 months, 4 weeks ago
We recommend to visit

Реклама:
@ovsyanka_sup

Last updated 2 months, 1 week ago

Первый онлайн-переводчик междустрочного текста из ведущих и ведомых СМИ. ѣѣ

Похвалить, поругаться, предложить новость, разместить рекламу
???
@Otsuka_mail

Last updated 2 weeks, 6 days ago

⭐ АВАТАРКИ НА ВАШ ВКУС

▫️По вопросам: @Solnzelikii
▫️По рекламе: @Solnzelikii

❗Реклама нужна исключительно для продвижения канала❗

Пригласить друга — https://t.me/+uoFWvRi_7EJlYTdi

Last updated 2 months, 2 weeks ago