Infinite Entertainment, Zero Cost: Get Your Free Books, Music, and Videos Today!

Беларуская музыка

Description
Пішу ў гэтым канале пра сваю любімую беларускую музыку

Сувязь - @charnukha
Advertising
We recommend to visit

Аўтарскі кантэнт ад каманды THISMINSK MEDIA пра падзеі ў Менску, Беларусі і свеце

Сайт: thisminsk.org
Пошта: thisminsk@protonmail.com

Прапановы, рэклама, PR: @thisminskbot

Last updated 1 week ago

Співпраця: @fatadministration

Last updated 2 months ago

Беларускі Дабраахвотніцкі Корпус - яднанне Беларускіх дабраахвотнікаў для выканання баявых задач і фармавання ваярскага Братэрства.

Пытанні далучэння, СМІ, супрацы: @BDK_UA_bot
Чат-бот: @bdkfeedback_bot
Чат: https://t.me/+sE6ugBpMxqY5ZmEy

Last updated 1 month, 2 weeks ago

4 days, 9 hours ago
Вітаю, шаноўнае спадарства! Сёння я прыйшоў …

Вітаю, шаноўнае спадарства! Сёння я прыйшоў да вас вось з такой навіной. Як вы ўжо ведаеце, «Міністэрства сепультуры» на паўзе — на працяг праекту не знайшлося грошай. Мы іх шукаем, але… Чым больш канал не будзе абнаўляцца, тым глыбей яго засунуць алгарытмы YouTube. На жаль, чаканне забівае канал.

Таму ёсць прапанова стварыць народнае «Міністэрства сепультуры», якое будзе выходзіць праз вашу падтрымку. План такі — можна падтрымаць праект праз сервіс Buymeacoffee (там можна купіць каву міністру ці зрабіць штомесячную падпіску), і гэта дасць магчымасць выпускаць новыя відэа.

Буду вельмі вам удзячны за лайк, рэпост і падтрымку «Міністэрства сепультуры»

https://buymeacoffee.com/charnukha

5 days, 16 hours ago

У суботу гурт Naviband адзначаў сваё дзесяцігоддзе ў варшаўскім клубе Progresja — і гэта вельмі крутое дасягненне для гурта, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі: працягваць якасна развівацца, аб’яднаць вакол сябе беларусаў, выходзіць на новы творчы ўзровень нават у такіх неспрыяльных абставінах.

Сёння хачу вам нагадаць пра дэбютны альбом гурта «Лови», які выйшаў акурат 10 год таму — 15 студзеня 2014 году. Арцём і Ксюша толькі пачыналі ствараць творчую сінергію, спрабавалі шукаць сябе і свой шлях, але ў гэтых наіўных песнях ужо шмат шчырасці і прыемных момантаў. Яны недасканалыя і, як на мой густ, дужа салодкія, але ўжо якасна адрозніваюцца ад беларускай эстрады, якая задзяўбала кожнага сваімі дуркаватымі творчымі метадамі.

Тут таксама хапае недасканаласцяў: думаю, зараз і самі музыканты з усмешкай слухаюць песні кшталту «Фа-фа-фа». Але ёсць на «Лови» і хіты кшталту «Абдымі», які Naviband дагэтуль выконваюць на канцэртах. Але, галоўнае, проста паслухайце спачатку гэты альбом, а потым уключыце новы сінгл гурта «Сокал», каб адчуць, які складаны і цікавы шлях прайшлі музыканты і ў які класны гурт яны эвалюцыянавалі ў выніку. Сапраўдная драматургія, шчыльная праца з гукам і дакладныя аранжыроўкі. Вельмі цікава будзе паслухаць наступны лонгплэй Naviband — спадзяюся, ён з’явіцца зусім хутка.

*❤️Нагадаю, што падтрымаць мяне можна вось тут.*

https://www.youtube.com/playlist?list=OLAK5uy_n9QB63oiLlu56exdWV311Pw1RARzaq6HU

YouTube

NAVIBAND - СОКАЛ (ПРЭМ'ЕРА 2024)

Песня "Сокал" на ўсіх пляцоўках - https://band.link/NBsokal Вялікі канцэрт у Варшаве - NAVIBAND 10 ГОД - https://linktr.ee/naviband Герой - https://www.instagram.com/sigov007 Рэжысёр, мантаж, ідэя - https://www.instagram.com/artsiom\_lobach Аператар пастаноўшчык…

2 weeks, 1 day ago

🔥Пяць альбомаў гэтага тыдня, якія варта паслухаць

Billie Eilish Hit Me Hard And Soft

Білі Айліш за некалькі год вырасла з падлеткавага феномену ў маштабную поп-зорку. Новы альбом дзяўчыны — гэта фантастычнага ўзроўню складанка з далікатных, густоўных поп-песень, вельмі розных па настроі, але аб’яднаных вельмі якаснай працай Фінэаса О’Конэла: ён дакладна ведае, як падкрэсліць усе моцныя бакі сваёй сястры. Hit Me Hard And Soft — шыкоўны альбом, на якім няма слабых нумароў.

Beth Gibbons Lives Outgrown

Сольны альбом брытанская спявачкі Бэт Гібанс увогуле не нагадвае працы яе галоўнага гурта Portishead. Ну хіба толькі пазнавальным вакалам самой Гібанс. Гэта ціхі акустычны і вельмі сумны запіс даволі складаных песень, большасць з якіх спявачка запісала самастойна. Тэматычна ўсе яны аб’яднаныя няпростымі тэмамі мацярынства, трывогі, менапаўзы і смяротнасці. Грунтоўны, дасканалы запіс, але простым яго не назавеш.

The Lovely Eggs Eggistentialism

Брытанская сямейная пара Холі Рос і Дэвід Блэкуэл стварылі ў Ню-Ёрку (потым вярнуліся ў родныя мясціны) дзіўны гурт пад назвай The Lovely Eggs. Як вы ўжо зразумелі, складнік у «Чароўных яек» даволі просты: гітара і бубны. Але атрымліваецца вельмі бадзёры псіхадэлічны мікс з запамінальнымі лёгкімі мелодыямі. Калі хочацца нечага летуценнага, простага і абаяльнага — то паслухайце «Eggistentialism», які нагадае лепшыя запісы MGMT.

Crumb AMAMA

Яшчэ адзін псіхадэлічны падарунак у гэтую пятніцу, але куды больш грунтоўны. Амерыканскі гурт Crumb міксуе шмат стыляў — ад джазу да трып-хопу і дрым-попу. Атрымліваецца цудоўна! AMAMA — вельмі далікатны запіс, у якім кожная кампазіцыя з’яўляецца асобным шэдэўрам. Вельмі раю занурыцца ў гэты матэрыял і добра яго рассмакаваць.

Pallbearer Mind Burns Alive

Дум-метал гурт Pallbearer запісаў пяты студыйны альбом, які выйшаў на мэйджары Nuclear Blast. Ён вельмі лайтовы па гучанні, але пры гэтым нагадвае познія запісы Anathema ці Katatonia. Прыгожыя сумныя мелодыі, цікавыя аранжыроўкі — матэрыял балансуе паміж дум-каранямі і больш складанымі формамі. Самы цікавы метал-рэліз гэтай пятніцы. Быў яшчэ сольнік Кэры Кінга, але лепш не псаваць сабе настрой бязлітаснай кампрэсіяй.

*❤️Нагадаю, што падтрымаць мяне можна вось тут.*

3 weeks, 4 days ago

Не стала таленавітага беларускага мастака і музыканта Васіля Пачыцкага. Генія — так ён сам сябе называў. І гэта было не перабольшванне: творы Пачыцкага вельмі пазнавальныя, экспрэсіўныя і чароўныя. Сюжэты, вобразы, выкананне — ты нібыта занураешся ў дзіўны свет беларускага Брэйгеля і бачыш там каляровыя сны.

Пачыцкі нарадзіўся ў Рэчыцы і там жа пачаў маляваць, скончыўшы мясцовую мастацкую школу. Яго працы выстаўляліся ў розных кутках свету — ад Масквы да Нью-Йорку. А сам ён казаў пра сябе так: «Мастакі дзеляцца на здольных, таленавітых і геніяльных. Я — геній і гэта вялікая адказнасць». Можаце паглядзець яго трыпціх «Шукальнікі пярлінаў» — неверагодны авангардысцкі шэдэўр.

Але Васіль быў не толькі мастаком, але і музыкантам. У яго быў свой гурт — «Перебор», які запісваў немудрагелістыя, але вельмі трапныя песні. Напрыклад, адна з маіх любімых, з радкамі «Ребяты, шухер, менты». Я хачу вам паказаць запіс канцэрту гурта «Перебор» на Дзень касманаўтыкі ў 2016 годзе. Склад гурта вельмі цікавы — Вася Пачыцкі, Ілля Чарапко-Самахвалаў, Сяргей Сакалоў і Арцём Залескі. Два чалавекі з гэтага складу ўжо не жывуць.

Паглядзіце гэты канцэрт. Паслухайце музыку, якую пісаў Васіль. Паглядзіце на яго працы. Ён марыў пра шчаслівае жыццё без вайны. Мара так і засталася марай…

https://www.youtube.com/watch?v=_EDf872t2g4

4 weeks, 1 day ago

🔥Пяць альбомаў гэтага тыдня, якія варта паслухаць

Mdou Moctar «Funeral for justice»

Туарэг з вёскі ў Нігеры сам зрабіў сабе першую гітару з таго, што было пад рукой. Пад левай рукой. Потым ужо яго разгледзеў буйны лэйбл і падарыў яму Fender, на якім Мактар грае і сёння. Туарэгскі блюз — вельмі цікавы і пазнавальны, але на гэтым альбоме музыкант выходзіць за межы стылю. Шмат яскравых песень, шыкоўных сола і першароднай энергіі і лірыка, у якой распавядаецца пра шматлікія праблемы ў родным Нігеры.

Kamasi Washington «Fearless movement»

Маэстра сабраў шыкаоўную кампанію і запісаў чарговы кайфовы альбом. Тут вам і Thundercat, і Джордж Клінтан і шмат іншых вядомых персанажаў. А сам матэрыял хістае ад ф’южану і фанку да хіп-хопу і фры-джазу. Анталогія папулярных здабыткаў джазу, якую Вашынгтан складае з нейкім разняволеным кайфам, сапраўды ўражвае. Паўтары гадзіны падарожжа ў чароўны сусвет — проста заплюшчвайце вочы і слухайце ўважліва.

Dua Lipa «Radical Optimism»

Дзякуй шаноўнай спявачцы за лаканічнасць. На фоне шматлікіх зацягнутых поп-альбомаў Radical Optimism гучыць радыкальна змястоўна і коратка. На гэтым альбоме брытанская спявачка даследуе псіхадэлію, брытанскую рэйв-культуру і трып-хоп. Але робіць гэта ў фармаце бясконцай вечарыны. Крутыя мелодыі, шыкоўныя аранжыроўкі (з гучаннем папрацаваў Кевін Паркер з Tame Impala) і некалькі стоадсоткавых радыёхітоў.

Jessica Pratt «Here In the Pitch»

Яшчэ адно псіхадэлічнае падарожжа, але гэтым разам зусім у іншыя яго плыні. Новы альбом Джэсікі Прат зроблены з вялікай павагай да гурта Jefferson Airplane, і гэтая першакрыніца пульсуе і ў меладычных малюнках, і ў мінімалістычных, але вельмі дакладных аранжыроўках, нібыта Джэсіка запісала вольны працяг Surrealistic Pillow. Але гучыць вельмі цікава і ўтульна — шчыра раю паглыбіцца ў гэты медытатыўны запіс.

Ibibio Sound Machine «Pull The Rope»

Брытанскі гурт з адчувальным уплывам класічных запісаў Фела Куці стварае вельмі энергічную і атмасферную музыку, у якой можна пачуць і афрыканскую этніку, і рэтра-хаус, і фанк. Тут будуць і вельмі разнастайныя аранжыроўкі, багатыя нюансамі, і круты вакал брытанска-нігерыйскай спявачкі Іно Уільямс, а ўсё разам змяшаецца ў насычаны танцавальны кактэйль.

*❤️Нагадаю, што падтрымаць мяне можна вось тут.*

1 month ago

🔥Пяць альбомаў гэтага тыдня, якія варта паслухаць

St.Vincent «All born screaming»

Амерыканская спявачка Эн Кларк, якая выступае пад творчым псеўданімам St.Vincent, назвала гэта альбом «поп-музыка-пасля-чумы». Успрымаць гэта можна па-рознаму, але вынік атрымаўся вельмі цікавы. Тут і класныя мелодыі, і добрыя аранжыроўкі, і шмат класных запрошаных музыкантаў — ад Дэйва Грола да Дэвіда Раліка з выдатнага гурта Dengue fever. Прадзюсавала гэты альбом сама Кларк, і гэта вельмі ўдалая спроба ўзяць усе працэсы ў свае рукі. The Telegraph называе All born screaming арт-рокам на стагоддзі.

Maruja «Connla’s Well»

Манчэсцерскі гурт запісаў свой другі міні-альбом Connla’s Well, і гэта вельмі энергічны і разнастайны альбом, у якім выбуховая рытм-секцыя спалучаецца з нервовым саксафонам і інтэнсіўнай меладэкламацыяй. Гучыць гэта так, нібы Badbadnotgood абслухаліся King Crimson. Не ведаю, ці натхніць вас такая метафара, але Connla’s Well — адзін з самых цікавых брытанскіх рэлізаў за апошні час.

Darkthrone «It beckons us all»

Я вельмі люблю Darkthrone за самаіронію і перманентны пошук: гурт хістае ад артадаксальнага блэк металу да красту, ад хэві металу да трэшу і іншых памежных жанраў. Папярэдні альбом Astral Fortress — яскавы прыклад таго, як гурт можа камфортна сябе адчуваць у вельмі сціплых умовах. It beckons us all — гэта альбом, які даследуе плыні такой даўніны, калі блэк метал яшчэ не прыдумалі. І, на жаль, не самая цікавая спроба.

Justice «Hyperdrama»

Гурт Justice — гэта музыка для бясконцай вечарыны, і некалі я на рэпіце слухаў хіт Civilization: вельмі класны, яскравы трэк з пругкім сінтэтычным басам, запамінальнай мелодыяй і шыкоўнымі сінтэзатарамі. Новы альбом Justice — гэта лагічны працяг дыскаграфіі гурта з запрошанымі зоркамі ад Tame Impala да Thundercat. Іншая справа, што зачапіцца тут няма за што: зразумелы і прахадны саўндтрэк да вечара вашай пятніцы.

Pet Shop Boys «Nonetheless»

Пятнаццаты студыйны альбом брытанскага сінт-поп дуэта выклікае вельмі цікавыя эмоцыі. З аднаго боку, гэта вельмі якасны працяг дыскаграфіі Pet Shop Boys, у якім ёсць і энергічныя танцавальныя трэкі, і шчымлівыя балады, а самі Лоў і Тэнант адзначаюць, што гэты альбом — святкаванне ўнікальных і разнастайных эмоцый, якія робяць нас людзьмі. З іншага, тут сабраўся цэлы аркестр (а запісе ўдзельнічала каля 40 музыкантаў), але пры гэтым Лоў і Тэнант скардзяцца, што прадзюсар Джэймс Форд зрабіў іх даволі складаныя аранжыроўкі больш мінімалістычнымі. У любым выпадку, гучыць альбом цікавей за Justice.

*❤️Нагадаю, што падтрымаць мяне можна вось тут.*

2 months, 3 weeks ago

Раскажу вам пра чароўны беларускі праект Twigs Garden, які зусім нядаўна выдаў вельмі ўтульны і прыгожы альбом Rainy Evening Perfume. Напэўна, вы пра яго нічога не чулі, знайсці хаця б нейкую інфармацыю пра гэты праект вельмі складана. Дакладна вядома, што за шыльдай Twigs Garden стаіць хлопец з Беларусі. Ён мастак і музыкант і стварае вельмі незвычайныя і дзіўныя рэчы. На альбоме, дарэчы, яго аўтарскі малюнак на вокладцы.

Гэта кароткі 25-хвілінны запіс, які па гучанні адсылае да класікі неа-фольку, але з’яўляецца вельмі аўтэнтычным. Лоўфайнае гучанне стварае цікавую атмасферу, дзе кожнай партыя нібыта выплывае са шчыльнага туману. Расфакусаваны, чароўны і вельмі пяшчотны — вось так можна ахарактарызаваць гэты альбом.

У ім шмат прыемных момантаў: паслухайце цудоўны сінгл Forest, у якім за тры хвіліны адбываецца сапраўдная музычная магія, ці трэк Horror films of 1980s — парадаксальна ўтульны і трывожны адначасова. Вось у гэтым уся магія Rainy Evening Perfume — ён гучыць, нібыта прывітанне з нетраў свядомасці іншага чалавека, які за гэтыя 25 хвілін становіцца табе добрым сябрам. Хочацца, каб гэтае сяброўства працягвалася.

https://open.spotify.com/album/3vugrAXJ6gNeepqVz65RZn?si=MSMdOsgpSKeEreK_0jIwwA

Spotify

Rainy Evening Perfume

Twigs Garden · Album · 2024 · 8 songs.

Раскажу вам пра чароўны беларускі праект Twigs Garden, які зусім нядаўна выдаў вельмі ўтульны і прыгожы альбом Rainy Evening Perfume. …
2 months, 3 weeks ago
У эфіры ваша любімая традыцыйная рубрыка …

У эфіры ваша любімая традыцыйная рубрыка «Справаздача з Песні году Беларусі». Як і заўсёды, я адпакутваў за вас і цяпер даю шчыльненькае саммары ўсяго трэшу, які гэтым разам адбыўся ў Палацы спорту. Будзе смешна, балюча, магчыма, захочацца ў прыбіральню. Але вы трымайцеся, як трымаўся я!

https://youtu.be/8Nl3ka2esSg

2 months, 3 weeks ago

Беларускі гурт VVaxplay выдаў свой дэбютны альбом Dust & Haze — складанку атмасферных і сумных поп-песень. У калектыве стала ўдзельнічаюць два дасведчаныя музыканты — Ганна Жданава (Lilac, Ландыш и сахара) і Стас Мурашка (The Toobes, Валентин Стрыкало, Союз і безліч іншых праектаў).

Мурашка ў дуэце адказвае за інструментальную частку і тут вельмі цікава назіраць за тым, як прыгожа пасталеў Стас-музыкант. На Dust & Haze шмат сакавітых і цікавых аранжыровак, і стылістычна альбом існуе недзе паміж трып-хопам і джазам. Кожная кампазіцыя зробленая вельмі густоўна: калі гэта гітара, то не наўпроставая, а далікатная, калі бас, то дынамічны і мяккі адначасова, калі электроніка, то змястоўная і дакладная.

Пасталела як вакалістка і аўтарка тэкстаў Жданава. Простыя і зразумелыя партыі цудоўна пасуюць да музычнага матэрыяла, абстрактная лірыка добра кладзецца ў палітру. Іншая справа, што кожны раз цябе не адпускае адчуванне, што ўсё гэта ты ўжо слухаў — нібыта песні зробленыя з аскепкаў чужых думак.

Дэбютны альбом VVaxplay — цудоўная прэзентацыя творчага патэнцыялу ўдзельнікаў. У ім ёсць шмат класных складнікаў, якія паасобку працуюць выдатна і пакідаюць вельмі прыемнае ўражанне. Не хапае пакуль толькі клею, каб з гэтага атрымаўся яскравы і індывідуальны прадукт. У гэтым Dust & Haze вельмі нагадаў мне мінулагодні дэбют Nochy: ён таксама класны і яго вельмі не хочацца крытыкаваць, але не пакідае адчуванне, што ў гэтай формуле нечага не хапае. А вам як?

https://band.link/vvaxplaydustandhaze

band.link

VVaxplay - Dust & Haze | BandLink

Listen, download or stream Dust & Haze now!

Беларускі гурт VVaxplay выдаў свой дэбютны альбом [Dust & Haze](https://band.link/vvaxplaydustandhaze) — складанку атмасферных і сумных поп-песень. У калектыве стала ўдзельнічаюць …
3 months ago
Ці ведалі вы, што «Сябры» у …

Ці ведалі вы, што «Сябры» у 70-я запісвалі афігенныя кампазіцыі? Я дык кайфануў, пакуль слухаў іх першы альбом. А што з імі стала пасля выканання хіта «Слухай бацьку»? Катэдж-амфітэатр у Драздах, прэмія ФСБ і чарка-шкварачны рэпертуар. Гісторыя дэградацыі — у новым выпуску

https://youtu.be/UAWauali6Cc

We recommend to visit

Аўтарскі кантэнт ад каманды THISMINSK MEDIA пра падзеі ў Менску, Беларусі і свеце

Сайт: thisminsk.org
Пошта: thisminsk@protonmail.com

Прапановы, рэклама, PR: @thisminskbot

Last updated 1 week ago

Співпраця: @fatadministration

Last updated 2 months ago

Беларускі Дабраахвотніцкі Корпус - яднанне Беларускіх дабраахвотнікаў для выканання баявых задач і фармавання ваярскага Братэрства.

Пытанні далучэння, СМІ, супрацы: @BDK_UA_bot
Чат-бот: @bdkfeedback_bot
Чат: https://t.me/+sE6ugBpMxqY5ZmEy

Last updated 1 month, 2 weeks ago